Змушко і Шымановіч перамаглі на адкрытым Кубку Беларусі па плаванні



У Берасці працягваецца адкрыты Кубак Беларусі па плаванні, у якім бяруць удзел беларускія і расейскія спартоўцы. У трэці дзень спаборніцтваў адбыліся 11 фіналаў, у трох з іх перамаглі беларускія плыўцы. Алеся Акінчыц выйграла вырашальны заплыў на 800 м вольным стылем, Аліна Змушко стала наймацнейшай на дыстанцыі 100 м брасам, ў мужчын лепшы час паказаў Ілля Шымановіч. 8 залатых узнагарод пятнічнай праграмы дасталіся спартоўцам з Расіі. Удзел у адкрытым Кубку Беларусі па плаванні бяруць больш за 300 плыўцоў. Сёння на турніры ў Берасці будуць разыграны астатнія 12 камплектаў узнагарод.

Павел Сядзько стаў гульцом «Гомеля»

Атакуючы паўабаронца Павел Сядзько стаў гульцом «Гомеля». Тэрмін дзеяння пагаднення з 24-гадовым хаўбекам разлічаны да канца сезона. «Павел – выхаванец берасцейскага »Дынама«, правёў 112 афіцыйных матчаў за каманду з берагоў Буга, забіў 18 мячоў і аддаў 12 выніковых перадач. Двойчы станавіўся ўладальнікам Кубка і Суперкубка Беларусі, быў прызнаны лепшым паўабаронцам »Дынама« ў сезоне-2021. У красавіку 2019 года паўабаронца стаў гульцом берасцейскага »Руху«, за які згуляў у 32 матчах чэмпіянату і забіў 8 мячоў. У верасні мінулага года Павел перайшоў у маскоўскае »Тарпеда«. За гэты час правёў 9 матчаў і запісаў у свой актыў адну перадачу. Па выніках сезона-2021/22 футбаліст стаў пераможцам Алімп-Першынства ФНЛ у складзе »чорна-белых«. Выклікаўся ў маладзёжную і нацыянальную зборныя Беларусі.

Завяршыў кар’еру беларускі футбаліст Сяргей Крывец

У 36 гадоў завяршыў карʼеру беларускі футбаліст Сяргей Крывец, піша „Беларускі футбол”. У Беларусі ён гуляў за БАТЭ і берасцейскае „Дынама”. Таксама выступаў за клубы КНР, Францыі і Польшчы. За ўсю сваю карʼеру Крывец правёў амаль паўтысячы матчаў, забіў 92 галы, аддаў амаль сотню выніковых перадач. Зорным часам для Крыўца быў выступ за БАТЭ. У 2008-м разам з камандай упершыню прабіўся ў групавы раўнд Лігі чэмпіёнаў (тады запомніўся яго гол у браму „Ювентуса” ў Менску). Сяргей Крывец быў гульцом нацыянальнай зборнай Беларусі.

Зборная Англіі ў дадатковы час выйграла чэмпіянат Еўропы U-19.

У фінале чэмпіянату Еўропы па футболе сярод юнакоў да 19 гадоў зборная Англіі святкавала валявую перамогу над камандай Ізраіля. Фінальная гульня, праходзіла на стадыёне ў славацкай Трнаве. У складзе ізраільцян вызначыўся Оскар Глух. У пераможцаў галы на рахунку Калума Дойла, Кэрні Чуквуэмека і Аарана Рэмзі.

Махамед Салах падпісаў новы кантракт з „Ліверпулем”

Нападнік Махамед Салах падпісаў доўгатэрміновы кантракт з »Ліверпулем«, інфармуе прэс-служба клуба. Дакладныя тэрміны пагаднення не паведамляюцца. 30-гадовы егіпцянін выступае за »Ліверпуль« з 2017 года. Яго папярэдні кантракт быў разлічаны да лета 2023 года. Форвард »Ліверпуля« стаў самым высокааплатным гульцом англійскай Прэмʼер-лігі. Яго заробак па новым кантракце складае 400 тысяч фунтаў у тыдзень. Па зарплаце ён саступае толькі зоркам »ПСЖ«: Ліянэлю Месі, Кіліяну Мбапэ і Неймару. У мінулым сезоне Салах забіў 31 мяч і аддаў 15 выніковых перадач у 51 матчы за каманду ва ўсіх турнірах. Усяго за пяць гадоў у »Ліверпулі« форвард забіў 156 галоў у 254 матчах.

Джокавіч абыграў Кецманавіча і выйшаў у 1/8 фіналу „Уімблдона”

Сербскі тэнісіт Новак Джокавіч у матчы 1/16 фіналу „Уімблдона” абыграў суайчынніка Міаміра Кецманавіча – 6:0, 6:3, 6:4. Паядынак працягваўся 1 гадзіну 53 хвіліны. На рахунку трэцяй ракеткі свету Джокавіча шэсць падач навылёт, чатыры падвойныя памылкі і шэсць рэалізаваных брэйк-пойнтаў з 14. У 1/8 фіналу турніру Джокавіч згуляе з прадстаўніком Нідэрландаў Цімам ван Рэйтхавенам.

Беларускае Радыё Рацыя