Беласток: выстава ў Гістарычным музеі да ўгодкаў выбараў 4 чэрвеня 1989 



30-ым угодкам першых свабодных выбараў у Польшчы будзе прысвечаная часовая экспазіцыя Гістарычнага музею ў Беластоку.

Большасць фотаздымкаў, плакатаў, газет і іншых дакументаў, якія адлюстроўваюць атмасферу падзей 1989 году, можна было сустрэць не толькі на Беласточчыне, аднак некаторыя экспанаты маюць лакальны характар, кажа супрацоўніца музею Эльжбета Івашка: 

– Здымкі зроблены ў Беластоку падчас тых падзей  – гэта дэманстарцыя студэнтаў, выбарчыя спатканні. Таксама прадстаўлены выдатныя здымкі, якія паказваюць горад, абвешаны плакатамі, афішамі, абклееныя платы. Гэта выключна наш тутэйшы каларыт, беластоцкі.  

Наведвальнікі выставы ўбачаць экспанаты з музею, а таксама з Нацыянальнага лічбавага архіву, Цэнтру еўрапейскай салідарнасці і прыватных калекцый. Гістарычны музей працягвае папаўняць свае калекцыі, падкрэслівае Эльжбета Івашка:

 – Мы дадаем да калекцыі новыя купленыя, альбо падараваныя дакументы і фотаздымкі. Мы маем выдатныя ўмовы, каб добра захоўваць дакументы. І калі вы маеце памятныя рэчы з нашага горада, з нашага  рэгіёну, будзем вельмі ўдзячныя, калі прыйдзеце да нас з імі.  

Вернісаж пройдзе 30 мая а 19.00. Выставу можна ўбачыць у Гістарычным музеі Беластоку з 31 мая да канца лета.

Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток