Кіеўскае „Дынама” выйшла ў раўнд плэй-оф Лігі чэмпіёнаў
Кіеўскае „Дынама” прабілася ў раунд плэй-оф кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў. У матчы ў адказ 3-га кваліфікацыйнага раунда кіяўляне ў дадатковы час перайгралі „Штурм” — 2:1. На зыходзе паўгадзіны гульні Расмус Хейлун вывеў «Штурм» наперад. На 97-й хвіліне вызначыўся Канстанцін Аўчарчанка, галявы пас выканаў Віктар Цыганкоў. На 112-й хвіліне ужо сам Цыганкоў забіў другі гол кіяўлян з перадачы Віталя Буяльскага. „Штурм” заканчваў сустрэчу ў меншасці. На зыходзе першага дадатковага тайма Манпрыт Саркарыя быў выдалены з поля за другую жоўтую картку.
За пуцёўку ў групавы раунд „Дынама” паспрачаецца з „Бенфікай”, за якую выступае ўкраінец Раман Ярэмчук.
Таксама ў плэй-оф кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў прабіліся футбалісты азербайджанскага „Карабаха”, чэшская „Вікторыя”, нідэрландскі ПСВ, шатландскі „Глазга Рэйнджэрс”, нарвежскі „Будзе-Глімт”, харвацкае „Дынама”, сербская „Црвена Звезда” ды ізраільскі „Макабі”. Вырашальныя паядынкі за трапленне ў групавую стадыю чэмпіёнскай Лігі пройдуць 16-17 і 23-24 жніўня.
Віктар Ганчарэнка ўзначаліць маскоўскае „Тарпеда”
Беларускі спецыяліст Віктар Ганчарэнка ўзначаліць маскоўскае „Тарпеда”. Пра гэта паведамляе агент Антон Смірноў. Маскоўскі клуб у чатырох турах чэмпіянату Расеі набраў адно ачко і займае перадапошняе, 15-е, месца ў табліцы. Апошнім месцам працы Ганчарэнкі быў „Краснадар”, які ён пакінуў у студзені.
Жлобінскі „Металург” выйграў першы матч на хакейным Кубку Салея
Матчамі ў Жлобіне, Оршы і Віцебску працягнуўся напярэдадні 22-і розыгрыш Кубка Беларусі па хакеі, які мае афіцыйную назву Кубак Салея. Чарговыя матчы на турніры правялі каманды групы Б. Дзеючы чэмпіён краіны „Металург”, які стартаваў на турніры з двух паразаў, на сваім лёдзе сустракаўся з наваполацкім „Хімікам”. Паядынак скончыўся з лікам 3:1 на карысць хакеістаў са Жлобіна, дублем адзначыўся Мікіта Даўгапятаў. Першую няўдачу на Кубку Салея пацярпеў „Гомель”: „рысі” ў гасцях саступілі „Віцебску” – 2:4. Хакеісты „Магілёва”, наадварот, выйгралі на выездзе ў Оршы ў мясцовага „Лакаматыва” – 2:1 у авертайме.
„Дынама” прайграла апошні матч на турніры ў Сочы
У Сочы скончыўся перадсезонны хакейны турнір каманд КХЛ Sochi Hockey Open з удзелам менскага „Дынама”. У матчы заключнага пятага тура падначаленыя Вудкрафта сустракаліся з гаспадарамі турніру з ХК „Сочы”, якія раней прайгралі ўсе чатыры паядынкі. Як вынік – 3:5, дынамаўцы прайгралі трэці з пяці матчаў у Сочы – за «зуброў» шайбы закінулі Павел Варфаламееў, Шон Лаланд і Сяргей Кузняцоў. Пераможцамі Sochi Hockey Open сталі хакеісты омскага „Авангарда”, якія набралі 8 ачкоў з 10 магчымых.
Азаранка згуляе ў дабрачынным матчы на „US Open”, сродкі ад якога пойдуць на дапамогу Украіне
Беларуска Вікторыя Азаранка прыме ўдзел у дабрачынным выставачным матчы перад „US Open”, у рамках якога будуць збіраць сродкі на дапамогу Украіне. Азаранка пры гэтым адмовіла журналістам New York Times у інтэрв’ю наконт свайго ўдзелу ў мерапрыемстве.
Дабрачыннае мерапрыемства адбудзецца 24 жніўня, у Дзень незалежнасці Украіны. А „US Open”-2022 пройдзе з 29 жніўня па 10 верасня.
Беларускае Радыё Рацыя