Затрымалі арганізатара сустрэчы з блогеркай у Dana Mall



З’явілася паведамленне менскай міліцыі, з якога вынікае, што сустрэчу падлеткаў з расейскай 12-гадовай блогеркай у менскім гандлёва-забаўляльным цэнтры Dana Mall сілавікі вырашылі разглядаць як «несанкцыянаванае масавае мерапрыемства», а яе арганізатар затрыманы.

Паводле паведамлення:

«Днём 24 верасня ў міліцыю паступіла інфармацыя аб вялікай колькасці грамадзян у гандлёва-забаўляльным цэнтры «Дана-Мол».

Да месца неадкладна выбылі нарады органаў унутраных спраў. Супрацоўнікі міліцыі з мэтай недапушчэння цісканіны прынялі меры па разгрупаванні групаў маладых людзей як у самім ТЗЦ, так і каля яго. Правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства было спынена, прыняты меры па недапушчэнні прытоку грамадзян у гандлёвы аб’ект.

Пры разыходжанні маладых людзей міліцыянтамі аказаная дапамога супрацоўнікам службы бяспекі Менскага метрапалітэна.

На дадзены момант вызначаны і затрыманы арганізатар несанкцыянаванага масавага мерапрыемства ў ТЗЦ. Вызначаюцца асобы, якія маюць дачыненне да яго арганізацыі. Вінаватыя будуць прыцягнутыя да ўстаноўленай законам адказнасці».