Агляд прэсы: апраўдаць чаканні
Міністр замежных спраў Беларусі «пакончыў з сабой» пасля сустрэчы з Пуціным. Байдэн у Кіеве і Варшаве: у чым сімвалізм гэтых візітаў? Сэнс прамовы Пуціна перад Федэральным сходам. У Швецыі паліцыяй уведзена забарона на спаленне Карана. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Нядаўняе паведамленне сцвярджае, што празаходні міністр замежных спраў Беларусі скончыў жыццё самагубствам праз некалькі дзён пасля вяртання з сустрэчы з прадстаўнікамі прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна ў Арменіі», – піша амерыканская газета Latin Times.
«Як паведамлялася, 26 лістапада нечакана памёр пасля сардэчнага прыступу 64-гадовы Уладзімір Макей, шматгадовы міністр замежных спраў. І вось аказваецца, што ліберальна настроены Макей скончыў жыццё самагубствам праз чатыры дні пасля ўдзелу ў сустрэчы ў Арменіі, як паведамляе New York Post са спасылкай на чатыры розныя крыніцы. Імаверна, беларускі дыктатар Аляксандр Лукашэнка імкнуўся адхіліць Макея, які быў старэйшым дыпламатам дыктатара з 2012 года, і імкнуўся ўмацаваць сувязі з Захадам, але было незразумела, ці было гэта зроблена па просьбе Масквы. Тыя, хто ведаў міністра замежных спраў, распавялі выданню, што ён усё часцей адчуваў сябе «непатрэбным» і «часам проста недарэчным». Злавесна сказаў Макей за сем месяцаў да смерці: «Я не памятаю, хто гэта сказаў, але калі вас збіраюцца пакараць смерцю, то лепш расстраляць за вернасць, чым за здраду». Цікава, што навіна пра самагубства Макея з’явілася пасля апублікавання дакумента, дзе прапісаны намер Расеі заваяваць Беларусь, свайго непахіснага саюзніка, да 2030 года», – падкрэслівае выданне.
***
Напярэдадні гадавіны расейскага ўварвання ва Украіну прэзідэнт ЗША Джо Байдэн нечакана наведаў з візітам Кіеў, дзе сустрэўся з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Байдэн запэўніў Зяленскага ў тым, што ЗША прадоўжаць падтрымліваць Украіну, у тым ліку і ўзбраеннямі. З Кіева прэзідэнт ЗША накіраваўся ў Варшаву. Еўрапейская прэса піша пра тое, якія сігналы і каму, былі дасланыя Байдэнам. Польская Gazeta Wyborcza задаволена прамовай амерыканскага прэзідэнта, агучанай ім у Варшаве.
“У ёй было ўсё тое, чаго мы чакалі. Байдэн аддаў даніну павагі ўкраінцам і іх адвагі, выказаў сваё захапленне палякам, якія прадстаўляюць дапамогу ўкраінскім уцекачам, запэўніў у сваёй падтрымцы беларусаў, якія змагаюцца за сваю свабоду, і Рэспублікі Малдова, якой Расея спрабуе перашкодзіць далучыцца да еўрапейскай сям’і, ужываючы свае метады. Джо Байдэн усяляк падкрэсліваў важнасць Артыкула 5 Статута НАТО, у якім гаворыцца, што ў выпадку нападу на аднаго з сябраў альянсу іншыя краіны прыйдуць яму на дапамогу. Па словах Байдэна, гэты прынцып святы. Ці наўрад можна было знайсці мацнейшыя словы», – адзначае польскае выданне.
***
У аўторак прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін выступіў з пасланнем да Федэральнага сходу. У сваёй прамове ён у чарговы раз усклаў віну за вайну ва Украіне на Захад, якая працягваецца. Апошні, маўляў, сістэматычна адпрэчваў намаганні Масквы па дасягненні міру, а таму Расеі, маўляў, не застаецца нічога іншага, акрамя як працягнуць наступальныя аперацыі ва Украіне. Па словах Пуціна, Расею немагчыма паставіць на калені ваенным ці эканамічным шляхам. Еўрапейская прэса цалкам аспрэчвае Пуціна. «Пуцін у чарговы раз малюе ў паветры жупелы ворагаў, якія нібыта атачылі Расею, а насамрэч проста спрабуе схаваць сваё адчайнае становішча», – такую выснову робіць французская газета La Croix.
«Пуцін усё больш заблытваецца ў тых жа самых вар’яцкіх сцвярджэннях, якія паслужылі яму падставай для пачатку вайны: «неанацысцкая Украіна», «дэкадэнцкі Захад» або педафілія, нібы збудаваная ў Еўропе «у норму». Ён строіць з сябе ахоўніка нейкіх выдуманых традыцыйных каштоўнасцяў. Так, у расейска-ўкраінскім канфлікце ёсць цывілізацыйны аспект, аднак лінія фронту тут праходзіць не паміж прыхільнасцю да прагрэсу і кансерватызмам, а паміж дэмакратыямі і аўтарытарнымі рэжымамі. Усё астатняе – чыстай вады прапаганда. Гэта – зручны сродак, які дазваляе Пуціну схаваць адсутнасць якой бы там ні было стратэгіі», – канстатуе французскае выданне.
***
Як паведамляе найбуйнейшая шведская штодзённая газета Dagens Nyheter, кіраўніцтва шведскай паліцыі выдала дырэктыву аб забароне мітынгаў са спальваннем Карана. Пры гэтым забарона не распаўсюджваецца на іншыя свяшчэнныя пісанні. Спаленне Карана прывяло да беспарадкаў у 2022 годзе, а зусім нядаўна – да абурэння з боку Турцыі, якая ў сувязі з гэтым блакуе ўступленне Швецыі ў НАТО. Цяпер мясцовыя суды ў Швецыі правераць дырэктыву на адпаведнасць законам. «Пытанне свабоды слова не павінна вырашацца пры дапамозе гвалту», – з такім заклікам выступае шведская газета Dagens Nyheter.
«У 2022 годзе былі зафіксаваныя сотні выпадкаў раненняў сярод паліцыянтаў, сотні выпадку падпалаў аўтамабіляў, і ўсё з-за спалення Карана. Але той факт, што нейкія групы могуць уступаць адна з адной у канфрантацыю і арганізоўваць напады, да гэтага часу не быў важкай прычынай для таго, каб прымусіць замаўчаць тых, хто робіць ці кажа нешта, што іншым не падабаецца. Таму разбіральніцтва ў адміністрацыйным судзе пра тое, правільна ці няправільна было з боку паліцыі забараняць надалей спальваць Каран, мае прынцыповае значэнне. У рэшце рэшт, забеспячэнне свабоды слова – задача паліцыі. У цяперашняй сітуацыі пытанне пра тое, каму што дазволена казаць, на практыцы, хутчэй, вырашае той, хто больш за іншых гатовы да гвалту», – піша шведскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Array