6 сакавіка будуць судзіць Змітра Лупача



6 сакавіка ў судзе Шаркоўшчынскага раёна будуць судзіць незалежнага журналіста з Глыбокага Змітра Лупача. У дачыненні да яго пачата чарговая адміністрацыйная справа за супрацу з тэлеканалам “Белсат”. Прыцягваецца журналіст да адказнасці зноў па частцы 2 артыкула 22.9 КаАП. Шаркоўшчынскім міліцыянтам не спадабаўся сюжэт на тэлеканале “Белсат” пра малыя заробкі на Шаркоўшчыне і выжыванне людзей у такіх умовах.

Па словах Змітра Лупача, шаркоўшчынскія міліцыянты і на гэты раз праявілі клопат – прывезлі позву ў суд яму дамоў, у Глыбокае, пад распіску.

– Так прыкінуў, што там зараз менш за 17 тысяч насельніцтва на Шаркоўшчыне, а калі палічыць працоўнае насельніцтва – то, можа, тысяч 5. І нават калі мяне па максімуму аштрафуюць і гэта пусціць на заробкі, то гэта толькі на 2 рублі падымецца заробак на адзін месяц. Гэтым яны свой бюджэт не паправяць.

Сёлета гэта ўжо трэці па ліку суд па адміністрацыйнай справе, пачатай у дачыненні да журналіста па частцы 2 артыкула 22.9 КаАП за супрацу з незалежным тэлеканалам “Белсат”. У мінулым годзе Змітра Лупача па тым жа артыкуле судзілі чатыры разы.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае

Фота аўтаркі