Незалежнага журналіста з Глыбокага выклікаюць у міліцыю



18 кастрычніка Змітра Лупача выклікаюць у міліцыю. Позву яму ўручыў старшы інспектар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Глыбоцкага РАУС Вадзім Кучыц. 

Паводле Змітра Лупача, у міліцыі ён мусіць даць паказанні наконт сюжэта на незалежным тэлеканале “Белсат” пра далучэнне Глыбоцкага малочна-кансервавага камбіната да камбікормавага завода.

– Зараз улада баіцца не друкаваных тэкстаў, а відэа, якое глядзіць большая аўдыторыя, дзеліцца ў сацыяльных сетках. Думаю, я закрануў балючую тэму для кіраўніцтва. Гэта стварэнне холдынга. Бо, на маю думку, нічога добрага ні малочна-кансерваваму камбінату, ні яго працаўнікам яно не дасць. Са з’яўленнем холдынга зявіцца больш начальства, большыя адміністрацыйныя выдаткі, адпаведна і заробак большым не будзе.

Сёлета гэта ўжо трэцяя справа, распачатая на Змітра Лупача паводле артыкула 22.9 КаАП (незаконны выраб прадукцыі СМІ). У гэтым месяцы 6 кастрычніка суддзя Глыбоцкага раённага суда Андрэй Тарасевіч наклаў на журналіста штраф 30 базавых велічынь за відэасюжэт пра вучэнні “Захад-2017”. Не паспеў Зміцер Лупач у панядзелак, 16 кастрычніка, абскардзіць гэтае рашэнне, як на яго завялі новую адміністрацыйную справу. 

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае

Фота аўтаркі