Міліцыя збірае паказанні супраць журналіста Змітра Лупача



На незалежнага журналіста з Глыбокага зноў ініцыявана міліцыяй новая справа. На гэты раз яе пачала Докшыцкая міліцыя за ролік на YouTube тэлеканала “Белсат” пра збор подпісаў за прыпынак хуткаснага цягніка Менск-Полацак на станцыі Параф’янаў.

Па словах блогера і грамадскага актывіста з Параф’янава Докшыцкага раёна Кастуся Шыталя, 7 снежня да яго прыйшоў капітан міліцыі Докшыцкага РАУС, прозвішча якога ён не запомніў, і прасіў даць сведкавыя паказанні наконт Змітра Лупача.

Пагрукаліся ў хату міліцыянты. Сказалі, што праводзяць праверку па вось такой справе – і паказваюць мне справу Змітра Лупача. Ветліва міліцыянт сказаў, што яму даручылі гэтую справу, бо ўчастковы ў адпачынку. І папрасіў мяне даць тлумачэнні. На гэта я яму адказаў, што збіраў подпісы на рынку, у які дзень гэта было – не помню. Па рынку хадзіў нейкі незнаёмы чалавек з камерай і здымаў, пасля падышоў да мяне і папрасіў нешта сказаць, я ўжо не помню, пра што ён у мяне пытаўся, ці ён мне прадстаўляўся, не казаў, для чаго здымае.

Паводле Змітра Лупача, які ўжо ведае, што міліцыянты на яго зноў распачынаюць новую справу, аб адным  толькі  ён шкадуе, што 23 снежня (дзень яго народзінаў) будзе выходным днём. Прызначаць суд на дзень народзінаў для нашай улады стала завядзёнкай, такім чынам яна псуе настрой людзям. “Але для многіх гэта як і падарунак, бо бачна, што працуеш недарэмна, твая праца мае ўплыў”, – кажа Зміцер.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае