Агляд прэсы: на мяжы катастрофы



Дыктатар Беларусі Лукашэнка распарадзіўся пра прагон мабілізацыі. Свет на мяжы ядзернай вайны? Пралёт ракеты над Японіяй: чаго дабіваецца Кім Чэн Ын? Бэрбак адхіліла патрабаванні Польшчы аб рэпарацыях. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Грамадзянам Беларусі, якія падлягаюць прызыву, неўзабаве можа спатрэбіцца з’явіцца ў ваенкаматы для «ўдакладнення» мабілізацыйных спісаў», – нараўне з большасцю сусветных СМІ паведаміла ўкраінскае выданнеThe New Voice of Ukraine.

«Праз ваенныя камісарыяты ў Беларусі будуць правяраць ваеннаслужачых, усіх ваеннаабавязаных, якія знаходзяцца ў запасе. Дыктатар сцвярджае, што гэта не мае дачынення да мабілізацыі ў Расеі, чый дыктатар Уладзімір Пуцін заклікаў да «частковай мабілізацыі» ў краіне 21-га верасня ў адказ на ашаламляльныя няўдачы ва Украіне. Расея сутыкнулася з рознымі буйнымі і дробнымі праблемамі пры мабілізацыі жаданай Крамлём колькасці людзей. Сюды ўваходзяць матэрыяльна-тэхнічныя збоі, гвалт паміж службамі, адсутнасць падрыхтоўкі, а таксама масавае дэзерцірства і ўхіленне ад прызыву. І вось ужо Лукашэнка 4-га кастрычніка прызнаў, што Беларусь удзельнічае ў вайне супраць Украіны, але сцвярджае, што Беларусь не спрабавала актыўна забіваць украінскіх вайскоўцаў», – піша ўкраінскае выданне.

***

На відэакадрах, якія распаўсюджваюцца ў сацыяльных сетках, як сцвярджаецца, бачны расейскі эшалон з узбраеннем ядзернага прызначэння, які накіроўваецца да межаў Украіны. Паводле ацэнак экспертаў, такім чынам Пуцін спрабуе падмацаваць свае пагрозы ў плане магчымага прымянення ядзернай зброі. У той жа час, чым далей, тым больш даводзіцца адступаць расейскаму войску на поўдні і ўсходзе Украіны. Еўрапейская прэса дзеліцца сваімі меркаваннямі наконт ядзерных пагроз Масквы. Па меркаванні італьянскай газеты Avvenire, у сілу таго, што ніхто з палітыкаў не робіць прапаноў па мірным урэгуляванні канфлікту, усіх нас можа чакаць вельмі змрочная будучыня.

«Зразумела, што краіны, якія знаходзяцца ў сітуацыі вайны, здольныя губляць галаву. Але як жа ўсе астатнія? Еўропа, ЗША? Няўжо мы і сапраўды верым, што дастаткова нястомна паўтараць, што ва ўсім, маўляў, вінаваты Уладзімір Пуцін і што ўсё скончыцца тады, калі ён аддасць уладу і калі Расея будзе пераможана? А што, калі гэта будзе ня так? Што, калі гэта здарыцца толькі пасля многіх гадоў вайны, калі Еўропа збяднее і будзе скалынацца сацыяльнымі канфліктамі, а цэлыя рэгіёны свету будуць ахоплены хваляваннямі з-за недахопу харчавання? Ці ж здарыцца пасля ядзернага канфлікту, у выніку якога з зямлі знікнуць многія еўрапейскія гарады з усімі жыхарамі?», – разважае італьянскае выданне.

***

Паўночная Карэя здзейсніла правакацыю ў адрас Японіі, запусціўшы ў аўторак над яе тэрыторыяй балістычную ракету сярэдняй далёкасці. Днём пазней у якасці рэакцыі ў адказ Паўднёвая Карэя і ЗША таксама выпусцілі некалькі ракет у бок Японскага мора. Гэта першы выпадак за апошнія пяць гадоў, калі падчас ядзерных выпрабаванняў Пхеньян запусціў ракету над Японскімі выспамі. «Кім Чэн Ын адчуў сябе моцным як ніколі раней», – адзначае нямецкая газета Deutschlandfunk.

«Дыктатар Кім працягвае бессаромна ўзбройвацца ядзернай зброяй і ракетамі, каб наўпрост пагражаць мацерыковай частцы ЗША. Разлік на тое, што ўслед за Пакістанам ЗША прызнаюць Паўночную Карэю ядзернай дзяржавай, і адменяць санкцыі ААН. Новых санкцыйных мер Кім можа не баяцца: Кітай і Расея заблакуюць такія рашэнні ў Савеце Бяспекі ААН. Іх прэзідэнты Сі і Пуцін з весялосцю назіраюць за тым, як ЗША, Японія і Паўднёвая Карэя нічога не могуць супрацьпаставіць гэтай паўночнакарэйскай стратэгіі. Саюзнікам зусім не патрэбна гарачая вайна на Карэйскім паўвостраве. Таму ў іх няма іншага выйсьця, акрамя як бездапаможна дазволіць Кіму тварыць усё, што яму пажадаецца», – адзначае нямецкае выданне.

***

Падчас свайго візіту ў Варшаву, які адбыўся ў мінулы аўторак, кіраўнік знешнепалітычнага ведамства ФРГ Ганалена Бэрбак адхіліла патрабаванні ўрада Польшчы аб выплаце Берлінам кампенсацый за шкоду, прычыненую Польшчы гітлераўскай Нямеччынай. Як заявіла Бэрбак падчас сустрэч з міністрам замежных спраў Польшчы Збігневам Раў, з пункту гледжання ўрада ФРГ пытанне аб рэпарацыях закрытае, у тым ліку і юрыдычна. Нагадаем: Польшча патрабуе ад Германіі кампенсацый у памеры 1,3 трыльёны эўра. «У часы, калі Расея вядзе вайну супраць Украіны, падобныя спрэчкі ўжо сапраўды не маюць сэнсу», – лічыць нямецкая газета Frankfurter Rundschau.

Гэта разумее і ўрад у Варшаве. А таму патрабаванні аб рэпарацыях – гэта перш за ўсё ўнутрыпалітычны манеўр. Праз год у Польшчы пройдуць выбары. Партыі ПіС трэба баяцца таго, што выбаршчыкі перакінуцца ў іншы лагер, калі ім давядзецца грунтоўна памерзнуць гэтай зімой. Аднак цяпер неабходна якраз больш цеснае германа-польскае супрацоўніцтва, а не спрэчнае разбіральніцтва, якое, магчыма, ніколі і не вырашыцца», – папярэджвае нямецкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Array