Чаго чакаць ад Дональда Туска?



У сераду, 13 снежня, Дональд Туск афіцыйна прынёс прысягу як новы прэм’ер-міністр Польшчы – разам са сваім урадам, склад якога быў зацверджаны напярэдадні. У прыватнасці, кіраўніком МЗС зноў стаў Радаслаў Сікорскі, а міністэрства абароны ўзначаліў Уладзіслаў Касіняк-Камыш.

Дональд Туск

Сітуацыю каментуе Маршалак Падляскага ваяводства Артур Касіцкі:

– У мяне няма ніякіх адносінаў. Чакаю пачаткаў улады новага ўрада, паглядзім, што гэты ўрад зробіць для Падляшскага ваяводства. Ці зробіць нешта для беларускай меншасці? Не ведаю гэтага, але мне падаецца, што мала. Ранейшы ўрад, які адыходзіць, урад Матэвуша Маравецкага, думаю, што зрабіў вельмі шмат. Мы тут у ваяводскім самакіраванні таксама вельмі шмат, узяць хаця б Цэнтр Беларускай Культуры. Шмат сродкаў пайшло на рознага роду ініцыятывы, такія як Фестываль «Тутака».

Артур Касіцкі

Кажа Падляшскі ваявода Багдан Пашкоўскі:

– Канешне паглядзім. Я ўжо маю досвед з прэм’ерам  Тускам з мінулых гадоў, і думаю што для Польшчы гэтыя змены не нясуць нічога добрага. Думаю, што гэта таксама будзе адбівацца на нашых стасунках з суседнімі народамі. Факт, што міністр Радаслаў Сікорскі зноў будзе кіраваць міністэрствам Замежных Спра не прадказвае польскай усходняй палітыцы нічога добрага. Спадзяюся, што не будзе працягнутая палітыка reset, якая адбывалася 8 год таму.

Багдан Пашкоўскі

Тым не менш, большасць аналітыкаў ужо назвалі прэмʼера Польшчы «галоўнай надзеяй 2024 года для Кіева і ЕЗ». Дональд Туск ужо быў прэмʼер-міністрам Польшчы ў 2007–2014 гадах. Ён зрабіў бліскучую карʼеру ў Еўразвязе, аднак вярнуўся на радзіму, каб прапанаваць альтэрнатыву ўльтракансерватыўнаму курсу «Права і справядлівасць».

Беларускае Радыё Рацыя