Што адбываецца зараз у Херсоне?
Камандуючы расейскай групоўкай ва Украіне генерал Сяргей Суравікін прапанаваў міністру абароны Расеі Сяргею Шайгу адвесці войскі ў Херсонскай вобласці на левы бераг Дняпра.
-

Фота: novoeizdanie.com
На сувязі з нашым радыё Дзмітрый – карэнны херсонец, ён у свой час выехаў з Херсона, але валодае ўсёй інфармацыяй пра сітуацыю ў горадзе.
РР: Што значыць адвесці войскі на левы бераг Дняпра? Гэта значыць, войскі пакідаюць увесь горад?
Дзмітрый: Наш горад Херсон знаходзіцца на правым беразе, а на левым беразе знаходзяцца толькі лецішчы, на якія можна патрапіць на катэрах, лодках, альбо праз мост на машыне. То бок, сам горад знаходзіцца на правым беразе.
РР: Зараз аб’яўлена, што горад пакідаюць расейскія войскі. Ці ёсць інфармацыя, што адбывалася ўчора вечарам, сёння?
Дзмітрый: Увогуле, трэба браць большы час, а не ўчора – пазаўчора. Ужо колькі тыдняў таму акупацыйная ўлада заявіла, што трэба эвакуявацца з Херсону. Вядома, тым, што за Расею выступалі, альбо калабарантам. Па-першае, з’язджае сама акупацыйная ўлада, паліцыя і так далей. Па-другое, вельмі важна, што яны сам горад фактычна парабавалі. Яны вывозілі, напрыклад, аўтамабілі хуткай дапамогі, пажарныя машыны, аргтэхніку з офісаў, архіў вобласці. Вывезлі помнікі Сувораву, Пацёмкіну, парэшткі Пацёмкіна, якія ў нас у царкве захоўваліся. Відаць, што яны сыходзяць назаўжды. І з сабой намагаюцца ўзяць усё, што толькі можна. Я не чуў, каб яны людзей рабавалі, але тое, што належыць гораду – напрыклад, зразалі правады, марадзёрылі ў маштабных памерах.
РР: Вось тое, што паказалі па тэлебачанні ў прамым эфіры размову Суравікіна з Шайгу, навошта гэта зроблена? Гэта сведчыць пра нейкі пералом ва ўкраінскай сітуацыі і трэба было падрыхтаваць расіян да таго, што Херсон не ўтрымалі і што бягуць расейскія войскі?
Дзмітрый: Мяркуем, што расейцы даўно гатавалі выхад. І з аднаго боку, гэта лагістычна было арганізавана. Патрэбны быў час, каб вывезці людзей, тэхніку, калабарантаў і вывезці нарабаванае. Мы бачылі, што гэта гатавалася ўжо некалькі тыдняў, проста ўчора была пастаўлена кропка. Зараз трэба толькі дачакацца ўваходу нашых войскаў ва ўсе мясцовасці правага берагу і, зразумела, у Херсон. І думаю, што да гэтага засталося некалькі дзён ці тыдняў.
Зараз у Херсоне знялі ўсе расейскія сцягі. І іх прапагандысцкія каналы паказалі, як гэтыя сцягі здымалі. Зразумела, са словамі, што яны „яшчэ вернуцца”. І зараз горад існуе сам па сабе. Улады ніякай няма. Закрыты аптэкі, школы і так далей. Людзі сядзяць па дамах. І выходзяць толькі днём на рынкі штосьці купіць з таго, што яшчэ засталося ў горадзе. Вечарам горад цалкам пусцее. Людзі чакаюць, калі вернецца ўкраінская ўлада і вернецца нармальнае жыццё.
Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя
Array