Баскетбалісткі „Гарызонта” выйшлі наперад у фінальнай серыі чэмпіянату Беларусі




Баскетбалісткі „Гарызонта” выйшлі наперад у фінальнай серыі за залатыя медалі жаночага чэмпіянату Беларусі. У першым паядынку ў Менску падначаленыя Наталлі Трафімавай доўгі час саступалі гарадзенскай „Алімпіі” і толькі напрыканцы сустрэчы здолелі даціснуць суперніц і выйграць з перавагай у сем ачкоў – 68:61.

„Барысфен” стаў другім паўфіналістам мужчынскага чэмпіянату Беларусі па баскетболе

Магілёўскі „Барысфен” стаў другім удзельнікам паўфінальнай стадыі мужчынскага чэмпіянату Беларусі па баскетболе. Лідар рэгулярнага сезону на пляцоўцы магілёўскага спарткомплекса „Алімпіец” разграміў гасцей з клуба „Гомельскія рысі” – 106:44. У іх першым паядынку чвэрцьфінальнай серыі ў Гомелі падначаленыя Андрэя Крываноса таксама былі мацнейшыя – 113:93. У паўфінале супернікам магіляўчан будзе пераможца матчаў паміж „Гродна-93” і сталічным клубам „Імпульс-БДУІР”. У першай сустрэчы гарадзенскія баскетбалісты выйгралі ў сябе дома з перавагай у два ачкі – 86:84.

Баскетбол. „Цмокi” не здолелі прабіцца ў плэй-оф Адзінай лігі ВТБ

У Адзінай лізе ВТБ сталі вядомы ўсе восем каманд, якія прадоўжаць барацьбу за чэмпіёнства ў плэй-оф. Імі сталі ЦСКА, „Зеніт”, УНІКС, „Лакаматыў-Кубань”, „Аўтадор”, „Парма”, „Ніжні Ноўгарад” і „Енісей”, паведамляе сайт лігі. З барацьбы выбылі „Цмокi-Мінск” і „Астана”. У рэгулярным чэмпіянаце засталіся яшчэ сем матчаў.

„Гомель” выйграў у „Белшыны”, саступаючы два мячы ў матчы чэмпіянату Беларусі

Футбалісты „Гомеля” святкавалі валявую перамогу над бабруйскай „Белшынай”  3:2 у апошнім матчы 3-га тура чэмпіянату Беларусі. На 5-й хвіліне першай паловы сустрэчы ў Бабруйску Ілля Васільеў з пенальці адкрыў лік, яшчэ праз 13 хвілін Дзмітрый Гомза забіў другі мяч у браму гамяльчан, а незадоўга да перапынку Аляксандр Макась, рэалізаваўшы пенальці, адыграў адзін гол. У сярэдзіне другога тайма госці засталіся ў меншасці пасля выдалення Данііла Мірошнікава, аднак змаглі не толькі выраўняць становішча, але і выйграць. На 75-й хвіліне Аляксандр Макась забіў свой другі мяч, а потым Ян Афі трэці раз забіў у браму бабруйчан. Таксама дэбютант вышэйшай лігі дзяржынскі „Арсенал” згуляў унічыю з „Віцебскам” – 0:0.

Біёнчык пакідае пасаду галоўнага трэнера „Шахцёра”

Іван Біёнчык пакідае пасаду галоўнага трэнера салігорскага „Шахцёра”. Разам з Біёнчыкам „Шахцёр” пакінуць яго памочнікі: Ігар Кунаш і Антон Амельчанка. Пра гэта паведамляе football.by. У найбліжэйшыя дні скасаванне кантракта будзе аформлена афіцыйна.
У снежні 2021 года пасля сыходу з „Гомеля” Біёнчык падпісаў з „гарнякамі” трохгадовы кантракт. У сёлетнім чэмпіянаце „Шахцёр” пасля трох тураў мае ў актыве пяць балаў і займае шостае месца ў турнірнай табліцы.

Бомба Гуаля выратавала “Ягелонію”


У матчы 28-га тура PKO Ekstraklasa беластоцкая «Ягелонія» згуляла ўнічыю з „Радомякам» 2:2. Гаспадары лідыравалі з розніцай у два мячы, але футбалісты «Ягі» здолелі ўратаваць адно ачко дзякуючы галам
Карыёкі і Гуаля. „Ягелонія» займае адзінаццатае месца ў турнірнай табліцы.

Першыя паўфіналісты футбольнай Лігі чэмпіёнаў вызначацца ў Мадрыдзе і Мюнхене

Першыя ўдзельнікі паўфінальнай стадыі футбольнай Лігі чэмпіёнаў вызначацца сёння ў Мадрыдзе і Мюнхене. У іспанскай сталіцы футбалісты „Рэала” маюць намер утрымаць перавагу над дзейным пераможцам чэмпіёнскай Лігі лонданскім „Чэлсі”, здабытую 5 красавіка ў брытанскай сталіцы. Тады мадрыдскі клуб перамог 3:1 дзякуючы хет-трыку Карыма Бензема. Яшчэ адзін іспанскі клуб „Вільярэал” згуляе ў гасцях у мюнхенскай „Баварыі”. У першым чвэрцьфінальным паядынку найлепшы клуб Германіі на выездзе нечакана саступіў з лікам 0:1.

Беларускае Радыё Рацыя